ЧАСО́ВЫ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ ЎРА́Д ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ,
цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Створаны ў Вільні 1.2.1863 на базе Літоўскага правінцыяльнага камітэта, які абвясціў сябе Часовым урадам на чале з К.Каліноўскім. У сувязі з пачаткам паўстання ў Польшчы ўрад у кожную губерню прызначыў паўстанцкага ваен. начальніка і ўзяў курс на разгортванне паўстання з апорай на сялянства. «Белыя», незадаволеныя курсам Каліноўскага на агр. рэвалюцыю, у канцы лют. 1863 увайшлі ў змову з прадстаўніком Варшаўскага Цэнтр. нац. к-та пры Часовым урадзе Літвы і Беларусі Н.Дзюлёранам і ўчынілі пераварот. Часовы ўрад, аслаблены арыштамі і ад’ездам яго членаў на месцы, вымушаны быў 11.3.1863 перадаць уладу Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы.
Г.В.Кісялёў.
т. 17, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)